МАРА́ЛЬНАЯ ШКО́ДА ў праве,

фізічныя і маральныя пакуты, што прычыняюцца грамадзяніну неправамернымі дзеяннямі, якія парушаюць яго асабістыя немаёмасныя правы (даброты). Да такіх правоў адносяцца гонар і годнасць асобы, аўтарскія правы, а таксама інш. нематэрыяльныя даброты. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 60) грамадзяне ў адпаведнасці з законам правамоцны спагнаць з парушальніка ў суд. парадку і маёмасную шкоду і матэрыяльнае кампенсаванне М.ш. Як правіла, кампенсацыя М.ш. належыць пры наяўнасці віны парушальніка. Аднак у выпадках, прама прадугледжаных заканадаўствам, напр., пры прычыненні шкоды жыццю і здароўю крыніцай павышанай небяспекі (трансп. сродкі і да т.п.) незалежна ад віны яе ўладальніка М.ш. павінна быць кампенсавана. Пры вызначэнні памераў кампенсацыі М.ш. суд абавязаны ўлічваць ступень маральных і фіз. пакут пацярпелага і віны парушальніка, інш. акалічнасцей, і зыходзіць з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці.

А.П.Марыкаў.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)